Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка ў Польшчы: Ад Беларусі  не адмовіліся, Беларуссю жывём

21.08.2023 17:23
Сваякі дагэтуль не вераць, што мы не галадаем, не мерзнем, а нармальна жывём . У тэлевізары ім паказваюць іншае…
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка ў Польшчы: Ад Беларусі  не адмовіліся, Беларуссю жывём
Białorusini walczą o wolność i demokrację w swoim kraju
Białorusini walczą o wolność i demokrację w swoim krajuShutterstock.com/Bordovski Yauheni/

У той дэмакратычны аўтобус скочылі не адразу

Спадарыня Вераніка адна з нямногіх актывістак 2020 года, якая практычна ва ўсіх дэталях узгадвае падзеі, якія тады адбываліся ў яе раённым гарадку.

У яе педагагічная адукацыя, але ў школе папрацавала толькі некалькі год, бо, як сама тлумачыць, сістэма не дазваляла вучыць дзяцей нават так, як гэтаму навучалі ва ўніверсітэце. Маўляў, ніякага наватарства, а каб усё, як ва ўсіх.

-Хаця і вучні мяне любілі і бацькі паважалі, нават казалі, што дзеці не хочуць ад вас ісці на канікулы.

Стварыўшы сям’ю, з такім жа свабодалюбівым мужам, заклалі свой сямейны бізнес і пачалі працаваць незалежна. І як згадвае суразмоўніца, матэрыяльна жылі не горш за іншых.

-2010 год мы яшчэ праспалі.  Былі ў такім стане ці то абыякавасці, ці чаркі-шкваркі. Бачылі, што людзі з нашага гораду аўтобусам у Мінск ехалі, але ў мяне яшчэ тады не было парыву скочыць у той аўтобус.

У 2017 годзе “дармаедскія” пратэсты вельмі ўзбудзілі і іх раённы горад.

Нават свае блізкія не хацелі разумець

Яшчэ праз год спадарыня адчула, што ў родным горадзе становіцца цяжка дыхаць, прапаноўвала мужу пераехаць хоць на захад Беларусі. Нават свае блізкія не хацелі іх разумець.

-Мама казала – усё нармальна, пенсію своечасова даюць. Мы так усё жыццё пражылі цяжка і ты так жыві. Вось працуй на сваёй працы, а не хапае – ідзі ў гарод, садзі бульбу. І ўсё будзе нармальна…

Дзе што ні адбывалася ў нашым горадзе – паўсюль была я

Магчыма таму 2020 год спадарыня Вераніка, як сама згадвае, сустрэла з радасцю і зацікаўленасцю і вельмі актыўна.

-Мне здаецца, што ўсюды дзе што ні адбывалася ў нашым горадзе – паўсюль была я.

Ужо ўвесну, яна распавядала розным незалежным СМІ пра перадвыбарчую кампанію ў іх горадзе, сама здымала на тэлефон і выстаўляла сюжэты ў інтэрнэце, Многае тады пачула ад сваіх гараджан.

-Тады ўжо Бабарыку схапілі з сынам, арыштавалі Ціханоўскага. І людзі, калі ставілі подпісы, казалі эмацыйна, часам нават з мацюкамі: ды мы за Свету пойдзем, усе нашы знаёмыя за яе галасаваць будуць. І ты разумееш, што такі пад’ём у грамадстве, што так нас многа…

Але даводзілася сустракацца і з іншым, калі сяброўкі дзяцінства ставілі подпісы за Лукашэнку, а яна за гэта з іх кпіла.

-Адна працуе ў садку выхавацелькай і прызналася, што кожнага выклікала загадчыца і казала: ідзеш зараз з пашпартам ставіць подпіс за Лукашэнку, а не – вось табе папера і пішы заяву па ўласнаму жаданню. Другая тое самае: ну мы ж супраць яго, ты ведаеш, але мы згубім працу…

Спадарыня Вераніка трохі з сумам заўважае, што за лета 2020 году цалкам змянілася кола людзей з якімі ты раней, сябраваў, размаўляў, дзяліўся патаемным.

Мы адчулі – я не адзін

А потым пачаліся акцыі. Асабліва запомніўся мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай. І хаця яе на мітынгу не было, а толькі сябры каманды, людзей сабралася цэлая плошча з бчб сцягамі, нацыянальнай сімволікай. І прадстаўнікі каманды не прамаўлялі, а зрабілі вольны мікрафон для тых, хто прыйшоў.

-Выстраілася такая чарга і за тры гадзіны не ўсе паспелі выказацца.

-А пра што людзі казалі?

- Пра набалелае. У кожнага свая гісторыя. Нехта, што я пенсіянерка…, нехта – я настаўніца…, нехта – я фермер…, нехта – майго сына збіла машына і нідзе не магу дамагчыся праўды… І ўвесь гэты боль быў вынесены ў мікрафон. А потым людзям, кажуць, што скончыўся час, а яны ўсё ідуць і ідуць з гэтым болем…

Пасля гэтага мітынгу нехта зрабіў здымак, як раённае начальства з кустоў назірае, але да людзей так ніхто і не выйшаў. Цікаўлюся ў спадарыні – што на яе думку дало смеласць тады яе землякам, каб выходзіць і адкрыта гаварыць пра свае праблемы ў мікрафон?

-Накіпела, набалела. А смеласць гэтую нам дало тое, што мы адчулі – я не адзін. З’явілася адчуванне, што нас многа і мы можам зрабіць, мы можам перамагчы і мы можам змяніць…

Да сёння не магу зразумець…

Пасля падліку галасоў у іх горадзе таксама пачаліся пратэсты. Спадарыню Вікторыю судзілі па адміністрацыйнай справе, выклікалі на допыты ці не ва ўсе сілавыя структуры, рабілі ператрусы ў хаце. Але тое, што перажылі тыя, хто патрапіў у аўтазак, ні з чым параўнаць нельга.

-Там было збіццё і самыя сапраўдныя катаванні. Людзі ляжалі на падлозе, а па іх хадзілі нагамі і білі па галовах. Пераломы былі адкрытыя  і гэта было бачна. Людзі пад сябе пісалі, там было шмат крыві і яны ва ўсім гэтым ляжалі.

Самае страшнае, паводле суразмоўніцы, што многія з тых каго збівалі пазналі ў сваіх катах суседзяў, знаёмых, хоць яны хаваліся за маскамі. Адна настаўніца пазнала бацьку дзяцей якіх вучыла ў школе.

-Яны ўсе тады запэцкаліся чалавечай крывёй, усе гэтыя інстанцыі…

Як такое было магчыма?

-Не магу зразумець. Не магу па сённяшні дзень гэта патлумачыць. Ні ўкладваецца ў галаве. І сёння, калі я гэта ўспамінаю, такі боль…  У кожнага з нас тады быў выбар і ў іх таксама – рабіць гэта ці не рабіць. Яны выбралі – рабіць…

 

Вырашылі з’ехаць…

А потым пачаліся арышты, рэпрэсіі ўзмацняліся, прыходзілі за суседзямі, знаёмымі і судзіць пачалі ўжо па крымінальных артыкулах. Спадарыня Вераніка кажа, што на душы стала трывожна і нават страшна. Праўда, заўважае, што рознага кшталту актыўнасці ў горадзе не перапыняліся.

-Ідзеш па гораду і бачыш там налепка, на аўтобусным прыпынку нешта напісана. І я па магчымасці нешта ляпіла. Ты не ведаеш хто гэта зрабіў, але думаеш – добра, значыцца я не адна.

Тым не менш выехаць вырашылі ўсёй сям’ёй. Дачцэ давялося пакінуць універсітэт.

-І сёння ў мяне перад вачыма мая згорбленая мама, якая плача, якая ў адной руцэ ката трымае, а другой сабаку. Гэта на ўсё жыццё застанецца перад вачыма.

Распавядаем пра сваё жыццё, а родныя не вераць

У Польшчы дапамаглі ўладкавацца беларусы, якія ўцяклі раней. Цікава, што напачатку з-за каранавіруса давялося сядзець на каранціне, але скончыліся харчы і спадарыня папросту напісала ў чат беларусаў: дапамажыце…

-Мо чалавек пяць адразу адгукнуліся, маўляў, пішыце адрас, прыйду. І мы такім чынам прымалі ў сябе беларусаў і знаёміліся.

Потым паціху знайшлі працу, уладкавалі жыццё. Муж працуе па сваёй спецыяльнасці, а ёй напачатку давялося пабыць рознарабочай. Праўда, цяпер на курсах польскай мовы і ёсць свае планы на будучы занятак.

Спадарыня Вераніка працягвае здымаць кароткія стужкі і выкладвае ў інтэрнэт, распавядае жыхарам Беларусі пра жыццё ў Польшчы, асабліва тлумачыць сваім блізкім, якія галасавалі за Лукашэнку і цяпер гавораць ёй дакладна тое, што паказвае беларускае тэлебачанне.

-Яны нам кажуць: мігрантаў там забіваюць, вас там не будуць лячыць, а там людзі паміраюць, будзеце там галадаць, а яшчэ там холадна – памерзнеце. І мы, як малым дзецям тлумачым, што дома цёпла, паказваем, што ў кашульках, вось ногі босыя і фортачка адчыненая. Магу сфатаграфаваць лядоўню, што ў нас ёсць, а магу ў краме здымкі зрабіць… Але мы не можам прабіць сцяну, гэта сцяна не прабіваемая.

Спадарыня Вераніка кажа, што па доме ўсё ж сумуюць, навіны чытае кожны дзень. І вернецца, калі толькі з’явіцца такая магчымасць.

-Ад Беларусі  не адмовіліся, Беларуссю жывём…

Але дадае, што  Польшча яе вельмі ўражвае. Яны любяць з мужам вандраваць і амаль кожныя выходныя недзе едуць, каб пабачыць, як яна сама кажа, цудоўныя невялічкія гарады, замкі і палацы, горы альбо нават на мора. І ўсё гэта толькі дадае энергіі, каб жыць і радавацца, паводле маёй суразмоўніцы.

Павел ЗАЛЕСКІ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Беларускі інжынер у эміграцыі: Мару стварыць у Польшчы вытворчасць электрычных ровараў

13.08.2023 08:07
Пакінуўшы Беларусь з палітычных прычынаў беларускі інжынер-тэхнолаг знайшоў у Польшчы лепшыя магчымасці, чым на радзіме, для здзяйснення сваёй мары і над гэтым настойліва працуе штодня.

Замест украінцаў, на польскім рынку працы ўсё больш азіятаў

16.08.2023 16:00
Расце доля мігрантаў з іншых краін, у тым ліку беларусаў, грузінаў, індыйцаў і філіпінцаў.